Страница: 2/3
У эпоху Кіеўскай дзяржавы і феадальнай раздробленасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока развіваецца горадабудаўніцтва. Згодна з летапісам, у IX - XI стст. узніклі гарады: Полацк (862), Тураў (980), Заслаўе (канец X ст.), Мінск і Орша (1067). У іх узводзяцца збудаванні самага рознага прызначэння: княжацкія харомы, царквы, манастыры.
Да ліку самых старых гарадоў Беларусі належыць Полацк. Ранняе паселішча ў раёне сучаснага Полацка ўзнікла на месцы ўмацаванага валамі гарадзішча, размешчанага ў нізоўях прытока Заходняй Дзвіны - Палоты. На мяжы X - XI стст. гэта ўжо быў добра ўмацаваны горад, плошча дзяцінца якога дасягала 7 га.
Першым з ліку выдатных культавых збудаванняў Полацка і ўвогуле заходніх абласцей Старажытнай Русі з’яўляецца Сафійскі сабор, закладзены паміж 1044 і 1066 гг. Грэчаскае слова “сафія” літаральна азначала “майстэрства, веды, мудрасць”. Але хрысціянамі сэнс яго тлумачыўся больш шырока і звязваўся, у прыватнасці, з ідэяй чалавечай “аднадумнасці і супольнасці”.
Узводзілі сабор усім мірам. Гэта быў галоўны будынак не толькі сталіцы, але і ўсяго княства. У вачах жыхароў Полацкай зямлі Сафійскі сабор сімвалізаваў іх аднадумнасць і еднасць. Аб першапачатковым яго выглядзе захаваліся супярэчлівыя звесткі. У адных крыніцах храм гэты называецца сямікупальным, у другіх - пяцікупальным. У нашы дні ад старажытнага сабора засталіся асобныя часткі падмуркаў, тры абсіды (гранёныя выступы будынка), склеп і часткі ўнутраных слупоў. Фрагменты, што захаваліся, дазваляюць меркаваць, што ў мінулым гэты помнік архітэктуры быў ў многім падобны на Кіеўскую Сафію, але меў і некаторыя адрозненні. Адной з арыгінальных асаблівасцей полацкакага сабора з’яўляюцца гранёныя абсіды. Ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе такія абсіды не сустракаюцца. Таксама характэрная рыса храма ў Полацку - адсутнасць абходных галерэй і вежаў. Дзякуючы гэтаму вонкавы аб’ём збудавання выглядаў больш велічным і дынамічным.
У XVIII ст. гэты помнік архітэктуры поўнасцю перабудавалі: зніклі купалы, з’явіліся дзве вежы на галоўным фасаде. Сабор быў пераўтвораны ва уніяцкую базіліку.
Другі славуты архітэктурны помнік полацкай зямлі - Спаса - Ефрасінеўская царква, пабудаваная паміж 1128 і 1156 гг. дойлідам Іаанам. Гэта аднагаловая пабудова невялікага памеру, простага плана. Манументальнасць яе знешняму выгляду надае ярусная вонкавая кампазіцыя. Узведзена царква па загаду славутай Ефрасінні Полацкай. Збудаванне заняло ганаровае месца ў гісторыі дойлідства і паклала пачатак распаўсюджанню пірамідальна - шатровых храмаў у Расіі, на Украіне і ў Беларусі.
Выдатны помнік старажытнай манументальнай архітэктуры - Барысаглебская царква XII ст., якая дагэтуль узвышаецца на Замкавай гары г. Гродна. Сцены невялікага храма выкладзены з чырвонай цеглы. У іх умураваны паліраваныя плоскія цёмна - чырвоныя камяні, а таксама керамічныя пліты, пакрытыя глазурай жоўта - залатых і бірузова - зялёных таноў. Амаль восемсот гадоў упрыгожваюць яны фасады пабудовы, але не страцілі сакавітасці і чысціні колеру. Ствараецца ілюзія інкрустацыі каштоўнымі каменямі. У скляпенні і верхнія часткі ўнутраных сцен былі ўмураваны керамічныя гаршкі - галоснікі. Гэты дойлідскі прыём змягчаў гук, забяспечваючы тым не менш добрую акустыку. Падлога храма была пакрыта керамічнымі пліткамі зялёнага, жоўтага, і карычневага колеру, што ўтваралі арнаментальны дыван вялікай мастацкай выразнасці. Барысаглебская царква, размешчаная на высокім абрывістым беразе Нёмана, захавалася не поўнасцю. Скляпенні яе і купал зніклі даўно, паўднёвыя і частка заходняй сцяны абваліліся ў выніку апоўзня 1853 г.
Адным з найбольш значных помнікаў дойлідства раннефеадальнай эпохі на тэрыторыі Беларусі была Благавешчанская царква у г. Віцебску (сярэдзіна XII ст.). Гэты аднакупальны, трохабсідны храм размяшчаўся на левым беразе Заходняй дзвіны. Архітэктура яго была простай, але выразнай: сцены ажыўляліся толькі паўцыркульнымі кіламі і вертыкальнымі лапаткамі. На жаль, зрайнаваны ён ужо ў наш час.
III. Да XIII ст. звесткі аб мураваных крапасных збудаваннях на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць. Але ўжо ў перыяд феадальнай раздробленасці і распаду Кіеўскай дзяржавы з’яўляюцца першыя мураваныя збудаванні тыпу асобнай магутнай абарончай вежы, якая абкружалася землянымі і драўлянымі ўмацаваннямі. Падобныя вежы - данжоны ў VIII - XIV стст. былі пашыраныя таксама ў Польшчы, Скандынавіі, Прыбалтыцы, паўночна - заходняй Русі, на Валыні. З розных крыніцаў вядома пра вежы ў Полацку, Тураве, Гародне, Навагрудку, Бярэсці.
У раённым центре Камянец Брэсцкай вобласці да цяперашніх дзён захавалася абаронна - вартавое збудаванне, вядомае як Белая Вежа. Летапіс сведчыць, што ўзведзена яна майстрам Алексай пры дапамозе мясцовых жыхароў у XIII стагодзі (паміж 1276 і 1288 гг.). Вежа круглая з вонкавым дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м. Вышыня - 29,4 м. Пяць яе ярусаў злучаны паміж сабой унутранай лесвіцай. А з трэцяга яруса можна было дабрацца да верхняй пляцоўкі таксама і па каменных прыступках, што знаходзіліся ў тоўстых сценах. Агульная плошча памяшканняў на ўсіх паверхах дасягала 300 кв. м., што дазваляла ў час абароны размясціць шмат воінаў. Змураваныя з цэглы сцены крыху нахіленыя ўнутр, не маюць звонку гарызантальных чляненняў і завершаныя буйнымі зубцамі, адпаведнымі агульным прапорцыям вежы. У гэтым помніку спалучыліся кампазіцыйныя, канструктыўныя і дэкаратыўныя прыёмы раманскай архітэктуры з раннегатычнымі.
Реферат опубликован: 9/02/2009