Страница: 3/6
Абразлівым становішча Рагнеды нам, сённяшнім, можа падацца толькі таму, што ўсе мы, атэісты ці вернікі, нясем у сваёй свядомасці хрысціянскія пастулаты, якія сталі заканадаўчымі нормамі нашага жыцця, адзін з якіх — кожны муж павінен мець адну жонку і наадварот: кожная жонка — аднаго мужа. Таму абразіцца Рагнеда магла толькі ў тым выпадку, калі была хрысціянкаю, а тым больш — першаю (!) афіцыйнай жонкаю Уладзіміра. Усе астатнія — пасля яе. Апрача таго, дадалася помста за бацькоў, забітых Уладзімірам, за абрабаваную вотчыну — Полаччыну. Калі ж Рагнеда разам з сынам Ізяславам была выслана з Кіева, а Уладзімір тым часам ажаніўся ў чарговы і апошні раз на дачцэ візантыйскага імператара і прыняў хрысціянства, ён прапанаваў Рагнедзе выбраць сабе мужа з яго акружэння. Гордая Рагнеда адмовілася, заявіўшы, што ў такім выпадку яна лепш стане нявестаю Хрыстовай. Пасля чаго прыняла пастрыг пад імем Анастасіі. У тыя часы ўсходнеславянскія землі не ведалі жанчын манахінь. Па-другое, прыняць манашаскі сан, не прайшоўшы паслушэнства, а тым больш без веры ў Хрыста, было немагчыма. Адсюль можна зрабіць вывад, што Рагнеда да прыняцця хрысціянства была веруючай. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі з пастулатамі хрысціянства яна і, вядома, яе бацька Рагвалод былі знаёмыя да 970 года, г. зн.— да захопу Полацка Уладзімірам.
Таму невыпадкова, што першы князь адноўленай полацкай дынастыі — Ізяслаў, сын Рагнеды і Уладзіміра, быў хрысціянінам. Калі верыць летапісам, ён быў «ціхі і лагодны», любіў і шанаваў царкву, чытаў святыя пiсанні, «и слезен, и умилен, и долготерпелив». Большасць гісторыкаў менавіта з імем гэтага князя звязвае хрышчэнне Полацкай зямлі. Але адразу ўзнікае пытанне: а што мы, уласна кажучы, разумеем пад хрышчэннем зямлі ці княства?
Хрышчэнне Кіева адбылося ў водах Дняпра, куды Уладзімір загадаў загнаць усіх гараджан, паўтарыўшы амаль даслоўна выраз Хрыста: «Хто не са мной, той супроць мяне». Ваяводы Уладзіміра — Пуцята і Дабрыня — Ноўгарад хрысцілі мячом і агнём. Гэта давала падставы лічыць, што падобным чынам адбылося і хрышчэнне Полацка. Але чаму ў такім выпадку на старонках вядомых нам летапісаў няма звестак аб хрышчэнні Ізяславам Полаччыны? Калі прычынай лічыць адсутнасць полацкіх летапісаў, то нават у такім выпадку летапісцы-мніхі Кіева і Ноўгарада, якія падрабязна занатоўвалі ўсе звесткі, наўрад ці абмінулі б такую падзею. Што-што, а вялікі гвалт, накшталт наўгародскага, трапіў бы ва ўсе летапісы, не толькі ўласнаполацкія. Аб гэтым сведчаць больш познія летапісныя запісы, якія тычацца Полацка, але якія мы ведаем з кіеўскіх, наўгародскіх, суздальскіх, цвярскіх і інш. летапісаў. Адсюль вынікае, што гвалтоўнага хрышчэння Полацкага княства не было. Чаму ж тады пралілася кроў язычнікаў у Ноўгарадзе? Таму што Ноўгарад быў даўняй, але вольналюбівай вотчынай Уладзіміра. Вялікаму князю кіеўскаму было неабходна сцвердзіць свае правы на гэты горад і яго воласць, падпарадкаваўшы яго не толькі адміністрацыйна, але і духоўна. Падобных правоў на Полаччыну ён не меў, як не меў, відаць, і дастатковай зброі. Бо ў Полацку напрыканцы Уладзіміравага жыцця (12 апошніх гадоў) правіў сын Ізяслава — Брачыслаў, вядомы сваёй смелай і незалежнай палітыкай. У Брачыслава, калі верыць летапісам і сагам, былі больш трывалыя сувязі з Балта-Скандынаўскім светам, чым з Кіеўскай Руссю. Нездарма на яго баку супроць Яраслава Мудрага біліся нармандскія дружыны. Апошняе відавочна тлумачылася тым, што полацкія князі свой радавод лічылі не адгалінаваннем Рурыкавічаў, а самастойным дрэвам Рагвалодавічаў. Пра што і летапіс паведамляе: «Адгэтуль уздымаюць меч Рагвалодавы ўнукі супроць унукаў Яраслава».
Такім чынам, сцвярджаць сваю ўладу пераводам у хрысціянскую рэлігію ўсіх жыхароў княства полацкім князям патрэбы не было. А з амбіцыямі кіеўскага ўладара Уладзіміра яны лічыліся мала. Тым не менш, полацкія князі прынялі хрысціянства. Праўда, у нас няма падстаў сцвярджаць, што гэту рэлігію яны праводзілі ў якасці афіцыйнай. Хутчэй за ўсё з боку княжацкай улады не было перашкод для натуральнага пранікнення хрысціянства ва ўсе сферы тагачаснага грамадства. Вядома, што развіццё новай рэлігіі ва ўсходнеславянскіх землях ішло па схеме: князь — дружына — горад — вёска. Разумеючы перспектывы новай ідэалогіі, новыя магчымасці, якія яна нясла дзяржаве і народу, шырокія агульнаеўрапейскія палітычныя выгоды, палачане паступова схіляліся да хрысціянства праваслаўнага ўзору.
У сувязі з гэтым цікава прасачыць за летапіснымі звесткамі аб полацкіх князях тых часоў. У «Аповесці мінулых часоў» пры апісанні падзей пачатку — сярэдзіны XI стагоддзя трапляецца вельмі цікавы, нешматслоўны блок паведамленняў, прысвечаных Полацку: смерць Рагнеды-Анастасіі (1000), смерць Ізяслава (1001), смерць Усяслава (1003), вакняжэнне Брачыслава (1003), паход Брачыслава на Ноўгарад (1021) і яго барацьба з Яраславам Мудрым. У гэтым полацкім блоку апынуўся артыкул «Перанесены святыя ў святую Багародзіцу» (1007). Аб якіх святых і якой царкве ідзе гаворка?
Реферат опубликован: 19/04/2008